Вынікі сезона 2014 г.

10

  Дарагія сябры! Сканчаецца працоўны сезон 2014 г. на Любчанскім замку, а значыць, самы час падсумаваць яго вынікі і падзякаваць усім тым, хто дапамагаў нам.

  Ужо з сакавіка 2014 г. па выходных і святочных днях вяліся падрыхтоўчыя працы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін і традыцыйных валанцёрскіх летнікаў. Таксама ў гэты час мы прыклалі істотныя намаганні на дэмантаж драўляных рыштаванняў з перыметра Брамнай вежы і ўстаноўку замест іх металічных хамутовага тыпу. Толькі такімі рыштаваннямі мы змаглі зрабіць надзейны і бяспечны доступ для даследаванняў васьмерыка вежы і наступных рэстаўрацыйных работ. Вядомы мастак-рэстаўратар Ракицкі В.У., які праводзіў дадатковыя даследаванні першапачатковых малюнкаў зграфіто і іншых элементаў вежы, даў высокую ацэнку якасці новых рыштаванняў.

  Па старой добрай традыцыі, Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў Любчанскі замак сустрэў суботнікам, у якім прынялі ўдзел больш за сто чалавек. Сярод тых, хто працаваў на замку, можна адзначыць старшыню Наваградскага райвыканкама Маркевіча А. В. і яго намесніка па адукацыі і культуры Карольку С.Н. разам з іншымі супрацоўнікамі райвыканкама і навучэнцамі Навагрудскага каледжа. Любчан узначальваў старшыня мясцовага Савету дэпутатаў Ярмац І.Н. Пад яго кіраўніцтвам шчыравалі настаўнікі і вучні Любчанскай школы, супрацоўнікі мясцовага лясніцтва і ЖКГ, а таксама аграрыі з СВК “Прынёманскі”. Фонд арганізаваў прыезд 32 чалавек з Мінска, уключаючы спецыялістаў, якія працавалі ў трох секцыях (архітэктараў, археолагаў-гісторыкаў і праекціроўшчыкаў).

  Валанцёры займаліся ўборкай памяшканняў Кутняй і Брамнай вежаў, тэрыторыі замка, складавалі будматэрыялы і даглядалі за паркам (перасаджвалі маладыя дрэвы, пераносілі плот з паркавай алеі, прыбіралі тэрыторыю).

  Пасля завяршэння навучальнага года першы летнік з 29.06 па 14.07 адкрылі 23 валанцёры БДТУ. Другі летнік з 16 па 25.07 праводзіўся сумесна студэнтамі БНТУ (24 чал.) і 7-ю валанцёрамі БДТУ. Адначасова студэнты-архітэктары БНТУ праходзілі планавую практыку. З 26.07 па 29.08. у тры змены (да 15 валанцёраў у кожнай) праходзілі трэці, чацвёрты і пяты летнікі БДТУ. Усяго ў летніках прынялі ўдзел 93 валанцёры. Таксама ў гэты ж час па выходных днях працавалі валанцёры, якія ў розныя гады ўдзельнічалі ў рэстаўрацыйных работах з 2003 года, яны ганарыліся сваім удзелам, дзяліліся ўспамінамі. Шмат дапамагалі нам мясцовыя жыхары, настаўнікі і школьнікі Любчанскай школы, працаўнікі СВК «Прынёманскі».

  Валанцёры праявілі незвычайную стараннасць пры навучанні і выкананні працаў, якія яны рабілі ўпершыню. Гэта аздабленчыя працы ўнутры Кутняй вежы па вырабе элементаў лесвічных маршаў, шліфоўцы, афарбоўцы іх дэталяў, падлогаў трэцяга і другога ўзроўняў вежы, цаглянага мура галерэі паўднёва-заходняй абарончай сцяны, мантаж драўляных рыштаванняў уздоўж гэтай сцяны і яе атынкоўцы, грунтоўцы і афарбоўцы. Асабліва трэба адзначыць, што валанцёрамі было засвоена і выканана з добрай якасцю атынкоўка арак сцяны ўнутры дваровай тэрыторыі. Шмат высілкаў было выдаткавана на падвоз пяску, яго прасейку, выраб кладачнай і тынковачнай рошчыны.

  Фонд выказвае ўдзячнасць кіраўнікам і спецыялістам:

— Інстытута гісторыі (2010-2012 г.г.) і Беларускага Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь (2014) за аказанне дапамогі ў правядзенні раскопак, падчас якіх ў 2012 г. выяўлены падмуркі паўночна-заходняй абарончай сцяны, а ў 2014 г. падмуркі трэцяй вежы. Аб’ём раскопак ў 2014 г. склаў больш 510 куб. метраў, чвэрць якіх ажыццёўлена ручным спосабам;
— Універсітэтаў БДТУ (рэктар Жарскі І.М.) і БНТУ (рэктар Хрусталёў Б.М.) за арганізацыю ўдзелу  студэнтаў у валанцёрскіх летніках;

— Доктару архітэктуры, прафесару Трацэўскаму В.У., доктару архітэктуры, прафесару Аладаву В.М., доктару тэхнічных навук, прафесару Пецольду Т.М., кандыдату архітэктуры Аладавай Н.І., кандыдату тэхнічных навук Згіроўскаму А.І, кандыдатам гістарычных навук Мяцельскаму А.А, Ганецкай І.В., Калядзінскаму Л.В., спецыялістам Родзікаву Р.А., Усоскай Л.І., Хартановічу В.У., мастаку-рэстаўратару Ракіцкаму В.У., архітэктару Маліноўскаму Г.Н., за кансультатыўную дапамогу па навуковым суправаджэнні працаў;

-Раману Забела, кіраўніку дзейнічаючай пры фондзе  группы маладых архітэктараў, а так сама яе чальцам Кацярыне Лапацінай, Андрэю Грамыка, Андрэю Вярыга, Яне Марчук і іншым за ўдзел у распрацоўцы праектнай дакументацыы і выкананню прац па іх рэалізацыі;

-студэнтам факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту г. Гомель;

-удзельнікам студэнцкага навуковага таварыства імя С.Д. Шабунеўскага і іх  кіраўніку Малікаву Яўгену Раманавічу, якія ў ходзе экскурсіі на Любчанскім замку 2014/10/05 адгукнуліся на просьбу і на працягу двух гадзін пазменна (48 чалавек) пафарбавалі ў два пласты 200 кв. метраў ніжняй часткі паўднёва-заходняй абарончай сцяны;

-кіраўнікам і работнікам прадпрыемства IHS  г. Мінск, за праведзены імі ўжо другі (першы ў 2013г.) валанцёрскі дзень на Любчанскім замку. 2014/11/06 валанцёры прадпрыемства выкапалі з ўладкаванага фондам гадавальніка і высадзілі на паркавай алеі 56 дзесяцігадовых ліпаў на месцах загінулых дрэў.

-шматлікім турыстам за грунтоўку, афарбоўку, паднос цэглы, будматэрыялаў, прасейванне пяску і іншыя работы;

-супрацоўнікам “Прыорбанк” ААТ Сушкевіч С.Л. і іншым за ўдзел у працах 2014/10/10 па афарбоўцы паўднёва-заходняй абарончай сцяны;

Асаблівую падзяку выказваем нашаму спонсару Касцючэнку С.А., кіраўніку “Прыорбанк” ААТ, за фінансавую падтрымку нашай дзейнасці на працягу ўжо чатырох гадоў.