Асобы

У Любчы нарадзіліся і жылі вядомыя мастакі й кампазітары, літаратары й навукоўцы.

Любча — радзіма славутага амерыканскага кампазітара Мікалая Набокава . Яго творчасць для музычнай культуры ХХ ст сталася такім жа неацэнным унёскам, як і творчасць яго стрыечнага брата — пісьменніка.

У Любчы пабачыў свет і вядомы мастак — Міхал Дучыц, вядомы найперш сваімі працамі, прысвечанымі Мінску.

У ваколіцах Любчы жыў і працаваў Уладыслаў Дыбоўскі — вядомы даследчык палеанталогіі, а таксама флоры і фальклору Наваградчыны. Адзін з першых папулярызатараў эспэранта ў Беларусі.

У Любчы XVІІ ст складаў і выдаваў свае творы Саламон Рысінскі — першы чалавек, які назваў сябе беларусам і першы збіральнік прыказак і прымавак з перакладам на самыя папулярныя еўрапейскія мовы. Тут жа, у Любчы, ён быў пахаваны.

Любча, апроч усяго, гэта яшчэ і гісторыя цэлых родаў — Кішкаў, Радзівілаў, Набокавых…

Соф’я Гройсман

Соф’я Гройсман (Ходаш) — найвядомейшы парфумер, якая стварыла дзесяткі фірмовых водараў, вядомых любой жанчыне на свеце. Чаго варты адзін толькі спіс яе шэдэўраў: Estee Lauder White Linen, Lancome Tresor, Yves Saint Laurent Paris, Yves Saint Laurent Yveress, Elizabeth Arden True Love, Calvin Klein Eternity, Elizabeth Taylor White Diamonds, Bulgari Pour Femme, Michel Germain Sexual і шматлікія іншыя. Сярод яе кліентаў — Элізабэт Тэйлар, Нэнсі Рэйган, Лора Буш, Кельвін Кляйн і інш.; яна атрымлівала незлічоную колькасць вышэйшых міжнародных узнагарод у галіне парфумерыі; з ёю кансультуюцца ўсе вядучыя вытворцы касметыкі; газетныя навіны пра яе выходзяць у ЗША з загалоўкамі “Першы нос Амерыкі”, “Каралева ружы”, “Насмарк ёй забаронены”, “Духмяныя формулы Соф’і Гройсман”… Але нягледзячы на свой сённяшні статус, Соф’я ніколі не забываецца пра сваю Радзіму…

   Нарадзілася Соф’я Ходаш пасля Другой Сусветнай вайны ў Любчы. Яе бацька, Пётр Ходаш, падчас акупацыі быў партызанам. Менавіта ад яго Соф’і перадаліся такія якасці, як клопат пра блізкіх, міласэрнасць, пачуццё гумару. Жыццё ў пасляваенным беларускім мястэчку было нялёгкім, асаблівых забаў у дзяўчынкі не было, і таму лялек ёй замянялі кветкі. Пазней, шмат якія з гэтых пахаў простых лугавых кветак можна будзе сустрэць у парфуме ад Соф’і Гройсман.  Яе маці, Раіса Ходаш, заўважыла адметную здольнасць дачкі. Ідучы на кірмаш за прадуктамі, Раіса заўжды брала дзяўчынку з сабою, каб праверыць іх свежасць. Соф’я прынюхвалася і, калі незадаволена моршчылася, пакупка адмянялася.

  У 1960 годзе сям’я Ходаш пераязджае ў Польшчу. Там Соф’я вывучала неарганічную і аналітычную хімію, атрымала ступень бакалаўра. Яшчэ пазней, Ходашы перабраліся ў ЗША па запрашэнні сям’і, якую Пётр Ходаш ў вайну выратаваў ад смерці ў Іўеўскім гета. У Штатах Соф’я ўладкавалася лабарантам у вядомай парфумернай кампаніі International Flavors & Fragrances. Там хутка заўважылі ўнікальны нюх дзяўчыны і прапанавалі ёй вучыцца на парфумера. А яшчэ праз пару гадоў, Соф’я Гройсман стала супрацоўнічаць з Жазэфінай Катапана — на той час лепшым парфумерам International Flavors & Fragrances. Так пачынаўся шлях да сусветнай славы Соф’і Гройсман.

  Галоўная адметнасць стварэння пахаў ад Соф’і заключаецца ў тым, што яна дае пачуць базавыя ноты водару адразу з моманту нанясення, а не чакаючы пэўны час, як гэта было прынята рабіць. Акрамя таго, яна заўжды стараецца ўжываць не больш за 40 кампанентаў у адным водары, у той час як іншыя вырабляюць складаныя парфумы з ледзь не 400 кампанентаў. Галоўны прынцып працы Соф’і, па яе ж словах, — імкненне да спрошчанасці. Ейная любімая нота — ружа. “Складваецца ўражанне, што ружа прысутнічае ва ўсёй маёй парфуме, нават там, дзе яе няма, аднак усе гэтыя ружы — розныя, кожная па-свойму”. Стыль пахаў ад Соф’і Гройсман характарызуе ўпэўненасць у сабе іх уладальніцы. Пры гэтым няма ніякага канфлікту паміж жаноцкасцю і энергетыкай, засяроджаных у гэтых водарах: мяккасць і кветкавыя ноты выдатна ўжываюцца з іх пераканаўчасцю і непрытоенай пачуццёвасцю. Бо гэтыя водары стварыла жанчына, якая гарманічна спалучае ў сваім характары рашучасць і незалежнасць з тэмпераментам і велікадушнасцю.

  Зараз Соф’я займае пасаду кансультанта па адмысловых праектах International Flavors & Fragrances. Нягледзячы на ўсе яе дасягненні і ўзнагароды, Соф’я Гройсман, па сведчаннях сяброў і калег, застаецца шчырым і прыемным чалавекам. Яна любіць японскія рэстараны, экзатычны абутак, незвычайныя прычоскі, катоў і птушак. Яна — добрая маці і клапатлівая бабуля. Некалькі гадоў таму на пытанне пра тое, што дае ёй творчыя сілы, яна адказала журналісту, паказваючы на велізарны калаж з фотаздымкамі дзяцей — уласных і сяброў: «Я перш за ўсё маці, у гэтым маё натхненне». Яна разумная, энергічная і мае моцны ўнутраны стрыжань.

  Акрамя таго, Соф’я Гройсман ніколі не забываецца пра сваю Радзіму. Яна ўжо была спонсарам некалькіх кнігаў пра Халакост на Беларусі. А зусім нядаўна — новая навіна. Соф’я Гройсман прыдумала “водар Беларусі” і назвала яго “Жаданне прахалоды” (назва формулы “Белая Русь №5”). Па словах Соф’і, “гэта пах з майго дзяцінства, ён асацыюецца з чысцінёй і прахалодай. Я вельмі рада, што нарадзілася ў Беларусі. Па-першае, гэта цудоўная прырода, па-другое — выдатныя, правільныя людзі, па меншай меры так было раней. Я паспрабую, каб гэтыя духі былі недарагімі, каб іх магла сабе дазволіць сярэднестатыстычная беларуска”. І ў бліжэйшы час наша слынная зямлячка збіраецца ізноў наведаць Беларусь, каб прэзентаваць свой новы шэдэўр.

Мікалай Андрэевіч Вінар

паводле Аляксей Вайткун, www.tut.by

2 мая 2012 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Вінара (1912-1977) – краязнаўца, педагога, даследчыка гісторыі Навагрудчыны, заснавальніка школьнага гісторыка-краязнаўчага музея ў гарадскім пасёлку Любча.

Мікалай Андрэевіч Вінар

Мікалай Вінар нарадзіўся ў горадзе Роўна ва Украіне. Рана асірацелага хлопчыка (бацька загінуў у 1916 г. падчас Брусілаўскага прарыву, маці памерла, калі Мікалаю яшчэ не было 9 гадоў) забрала да сябе сястра маці, якая жыла ў вёсцы Заполле Навагрудскага павета. Пасля сканчэння польскай пачатковай школы ў вёсцы Стараельня Мікалай у 1928 г. паступіў у 4 клас Навагрудскай беларускай гімназіі. Добры вучань і актыўны ўдзельнік школьнай самадзейнасці, ён быў таксама актыўным дзеячам Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. 13 снежня 1933 г. Вінара арыштавалі польскія ўлады. У хуткім часе ён быў выключаны з навучальнай установы, а 17 студзеня 1934 года асуджаны на адзін год турмы і два гады пазбаўлення грамадзянскіх правоў.

Вучні і выкладчыкі Навагрудскай беларускай гімназіі. М.А. Вінар – крайні справа ў верхнім шэрагу. 1930 г.

Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі савецкай улады Вінар пачаў педагагічную працу. У перадваенныя і першыя пасляваенныя гады настаўнічаў у вёсцы Зенявічы, а з 1947 г. месцам яго працы становіцца пасёлак Любча. Тут Вінар спачатку загадваў райпедкабінетам, а з 1949 г. выкладаў гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе. У гэты ж час ён паступіў на завочнае навучанне ў Баранавіцкі настаўніцкі педінстытут, які скончыў у 1951 г. па спецыяльнасці “гісторыя”.

Дыплом і выпіска з заліковай ведамасці выпускніка Баранавіцкага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута М.А. Вінара. 1951 г.

У Любчы Вінар праявіў сябе як таленавіты выкладчык гісторыі, здольны арганізатар турысцка-краязнаўчай і экскурсійнай работы ў школе: распрацоўваў маршруты турпаходаў, арганізоўваў паездкі вучняў па родным краі, па ўсёй Беларусі і за яе межы.

Даклад “Мой опыт преподавания уроков культуры в курсе истории”

 

Нататка “Эстетическое воспитание школьников в туристско-краеведческой работе”

 

М.А. Вінар і вучні Любчанскай сярэдняй школы ў турыстычным паходзе

 

М.А. Вінар (крайні злева ў ніжнім шэрагу) сярод настаўнікаў Любчанскай сярэдняй школы. 7 ліпеня 1973 г.

 

Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР, выдадзеная М.А. Вінару за добрую пастаноўку турысцка-краязнаўчай работы. 1964 г.

Але вяршыняй дзейнасці Вінара ў Любчы стала яго праца па стварэнні школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Датай яго адкрыцця лічыцца 1964 г. Аднак вядома, што ўжо ў 1961 г. члены школьнага краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі распачалі збор экспанатаў. На пачатку свайго існавання музей размяшчаўся ў Брамнай вежы Любчанскага замка, а ў сярэдзіне 1970-х гг. перабраўся ў новы школьны будынак. Ён хутка набыў славу аднаго з найлепшых школьных музеяў Гродзеншчыны. У часы Вінара экспазіцыя музея мела наступны склад: раздзелы “Далёкае мінулае”, “Барацьба працоўных за сваё вызваленне”, “Аб Вялікай Айчыннай вайне”, “Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі”, “А. Міцкевіч – наш зямляк”, прыродазнаўчы і літаратурны раздзелы. Самымі каштоўнымі экспанатамі былі археалагічныя знаходкі эпохі неаліту, рэдкія старажытныя манеты, бронзавы флюгер з выявай герба Любчы, датаваны 1581 г. (гэты год лічыцца датай узнікнення Любчанскага замка), метрычная кніга Наваградскага касцёла 1601 г., дакументы аб дзейнасці славутай любчанскай друкарні ХVII ст. Былі шырока прадстаўлены экспанаты, звязаныя з падзеямі рэвалюцый 1905 і 1917 гг., з дзейнасцю на тэрыторыі Любчанскага краю Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Нататка “Школьны гісторыка-краязнаўчы музей у Любчы”. 1965 г.

 

Экспазіцыя Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. 1960-я гг.

 

Экспазіцыя Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Сярэдзіна 1970-х гг.

Вінар зарэкамендаваў сябе як здольны арганізатар музейнай справы: наладзіў кантакты не толькі з рэгіянальнымі арганізацыямі, але і з цэлым шэрагам музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі, Украіны, Польшчы. На яго пачынанне звярнулі ўвагу асобы, вядомыя як у краі, так і па ўсёй рэспубліцы. З перапіскі Мікалая Андрэевіча бачна, што справамі створанага ім музея цікавіліся і шмат у чым дапамагалі заслужаны настаўнік БССР, заснавальнік народных краязнаўчых музеяў у Валеўцы, што на Навагрудчыне, а таксама ў Дзятлаве Міхаіл Петрыкевіч, вядомы айчынны археолаг Леанід Побаль, мінскі збіральнік кніжных рэдкасцей Лявонцій Клок.

Ліст М.Ф. Петрыкевіча да М.А. Вінара. 19 сакавіка 1962 г.

 

Ліст Л.Д. Побаля да М.А. Вінара. 4 кастрычніка 1965 г.

Ужо пасля смерці Вінара, у 1988 г., школьнаму музею ў Любчы было прысвоена званне народнага музея. Другім кірункам дзейнасці краязнаўцы сталі ягоныя артыкулы, нарысы, нататкі па гісторыі Навагрудчыны, якія з канца 1950-х гг. публікаваліся на старонках навагрудскай раённай газеты “Новае жыццё”.

Нататка “Нашы знатныя землякі: да 55-годдзя з дня смерці Валерыя Урублеўскага”. 1963 г.

 

Артыкул “З гісторыі развіцця народнай асветы на Навагрудчыне” (газета “Новае жыццё”. 1963, № 107) і матэрыялы да яго

Мікалай Вінар – аўтар двух буйных прац, адна з якіх прысвечана гісторыі Навагрудка, а другая – гісторыі Любчы. Першая з іх так і не была надрукавана, а другая (як лічыцца, больш удалая; навагрудскі гісторык М. Гайба называе яе найбольш поўным на той час даследаваннем гісторыі Любчы) выйшла ў “Новым жыцці” ў 1977 г. – у год смерці аўтара. На жаль, у гэтую публікацыю пад назвай “Любча: старонкі гісторыі” увайшоў не ўвесь тэкст працы Вінара. Публікацыя ахоплівае падзеі ад пачатку ХХ ст., у той час як машынапісны экзэмпляр уключае звесткі з гісторыі пасёлка пачынаючы са старажытных часоў.

Праца “Горад Навагрудак і ваколіцы”

 

Праца “Любча: гісторыка-эканамічны нарыс”. 1976 г.

 

“Любча: старонкі гісторыі”. Пачатак публікацыі. Газета “Новае жыццё”. 1977, № 130.

Вінару належыць арыгінальнае меркаванне, якое датычыцца даты ўзнікнення Любчы. Першае упамінанне пасёлка Мікалай Андрэевіч адносіў да 1241 г.: паводле працы В. Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, менавіта ў гэтым годзе “рукою шматгрэшнага дзяка Мікіты з Любчы” быў перапісаны манускрыпт пад назвай “Написания Афанасия мниха к Панкови…”. Погляд Вінара супярэчыць звесткам з сучасных энцыклапедый і даведнікаў, аднак пераклікаецца са сцвярджэннем гісторыка ХІХ ст. Т. Нарбута аб тым, што ў Любчы яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ ст. існавала рэзідэнцыя біскупа Віта і дамініканскі сабор, дзе, магчыма, у 1250 г. хрысціўся ў каталіцкую веру Міндоўг. Гэтае меркаванне Вінара, упершыню выказанае ў артыкуле “Пасёлку Любча – 700 год”, падтрымліваюць і некаторыя сучасныя гісторыкі.

Артыкул “Пасёлку Любча – 700 год”. 1961 г.

У 2010 г. Мікалай Андрэевіч Вінар быў пасмяротна занесены ў Кнігу славы Навагрудскага раёна. Спадчына краязнаўцы захоўваецца ў розных дзяржаўных сховішчах Беларусі: у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Любчанскай гарпасялковай бібліятэцы. У першай з названых устаноў архіўныя дакументы М.А. Вінара ўваходзяць у склад фонду 23 “Калекцыя матэрыялаў па гісторыі, навуцы, культуры” і складаюць 59 адзінак захоўвання.

Матэрыялы падрыхтаваў Віктар Свякла, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа.

Мікалай Набокаў

Мікалай Набокаў — яскравая постаць у гісторыі амерыканскай і еўрапейскай музыкі, аўтар музыкі вядомых балетаў і сімфоній, арганізатар сусьветных музычных фестываляў, генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЭСКА. Нарадзіўся Мікалай Набокаў 17 красавіка 1903 г. у Любчы. Хоць Мікалай і належаў да знакамітага роду Набокавых і даводзіўся стрыечным братам знакамітаму Уладзіміру Набокаву, пісьменніку, але Набокавы мала ўдзельнічалі ў яго раннім выхаванні: бацька – Дзмітры Набокаў – пакінуў сям’ю і дзецьмі практычна не займаўся. Маці Мікалая — Лідзія Эдуардаўна Фальц-Фейн – выйшла замуж за Мікалая фон Пейкера і таму маленства Мікалай прабавіў паміж двума родавымі маёнткамі Пейкераў і фон Фейнаў – Пакроўскім (недалёка ад Баранавіч) і Любчай. У маёнтку Пакроўскае Мікалай пачаў займацца музыкай — на старым раялі, які, паводле легенды, дабраславіў сам Чайкоўскі. Але менавіта Любча зробіцца для яго краем дзіцячых мараў, куды ён нязменна будзе вяртацца ўва успамінах, ужо жывучы ў Амерыцы : “З маленства я чуў вакол сябе размовы пра дзівосныя вабноты Любчы, пра прасторны замак з старымі вежамі, абкружаны глыбокім ірвом, замак, які стаіць на прыгорку, амываным хвалямі Нёмна.Маё ўяўленне ператварыла [Любчанскую] сядзібу ў дзівосны, невымоўна цудоўны сьвет.” У Любчы дзіцячы свет маленькага Набокава запалоніць музыка. Ён адчуе асалоду новых мелодый, не тых, якія яго прымушалі вывяргаць з фартэпіяна, а іншых – стыхійных, з’яднаных з прыродай і народнымі спевамі, якія даносіліся да яго з-за Нёмна праз вокны палаца ў Любчы. Маленькага Набокава добра запомнілі некаторыя жыхары Любчы. Гэтак, Барыс Рагуля ўзгадвае, што “у дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў збегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі [мясцовымі дзецьмі], але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго ”запэцкалі” простыя людзі. Блакітнавокі, светлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што не можа запрасіць мяне [ Барыса Рагулю] дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася…” У Любчанскім замку Мікалай Набокаў жыў з 1908 па 1911г.., пакуль уся сям’я не пераехала ў Пецярбург, дзе ўслед за старэйшым братам Мікалай паступае ў Аляксандраўскі ліцэй. Але ён яшчэ не раз будзе вяртацца ў сядзібу сваёй маці: кожнае лета ён прыязджае з Пецярбурга ў Любчу на летнія вакацыі і так да І Сусветнай вайны, якая заспее сям’ю Набокавых-Пейкер якраз у Любчы. Да гэтага часу Мікалай ужо паспее праявіць свой талент як кампазітара : ён напіша колькіх хатніх п’есак, першая з якіх была стылізаваная пад усходнюю “Калыханку” і была прысвечаная маці. З канца 1917 Мікалай гасцюе ў дзядзі, Фрыдрыха Эдуардавіча Фальц-Фейна, у Асканіі Нова. А ў красавіку ён разам з маці і братамі выпраўляецца ў эміграцыю. За мяжой Мікалай навучаецца ў Штутгарцкай і Страсбурскай кансэрваторыях, а ў Бэрліне наведвае фартэп’янныя заняткі ў Ф.Бузоні. Пазьней ён перабіраецца ў Парыж, дзе сканчае Сарбону са ступеньню бакалаўра мастацтваў. На працягу шасьці год ён супрацоўнічае з Сяргеем Дзягілевым, для “Рускіх сэзонаў” якога ён напісаў балет-араторыю “Ода” па Ламаносаву, а таксама балет “Жыцьцё Афрадыты”. Набокова ўжо тады ставілі ў адзін шэраг з Пракофьевым, Шастаковічам, Брыттэнам і Хіндэмітам. Улетку 1933 Набокаў з жонкай выпраўляюцца ў Нью-Ёрк, дзе напачатку чытае лекцыі па жывапісе ў адной з мастацкіх студый. Але неўзабаве ў Амерыку прыбывае Рускі балет Монтэ-Карла і Мікалай Набокаў зноў вяртаецца да музыкі. Першай яго пастаноўкай стаў балет «Мірны саюз», для якога ён напісаў музыку. Амерыканскія гледачы прыхільна прымаюць творчасць Набокава. Ён піша балеты “Афрадыта”, “Жыцьцё Палішынэля”, “Марныя намаганні каханьня”, “Апошняя кветка”, “Біблейская сімфонія” і сімфонію “Малітва”, элегію “Вяртанне Пушкіна” і кантату “Амерыка была надзеяй”, араторыі, канцэрты і уверцюры, фартэпіянные п’есы, перакладае на голас з аркестрам вершы Ахматавай і Пастэрнака. Але кампазітарства было толькі часткай яго рознабаковых заняткаў. У 1943 ён пачынае ўдзельнічаць у грамадзкіх і палітычных акцыях. А з красавіка 1945 году служыць афіцэрам па культурных сувязях у амерыканскіх стратэгічных войсках. Пазней Набокаў працуе як выкладчык музыкі, а таксама як мастацкі кіраўнік і прапагандыст сучаснай музычнай культуры: у 1952-м ён ачольвае “Парыскі фестываль XX стагоддзя”, у 1954-м – музычны фестываль у Рыме, у 1961-м – у Токіё, з 1963 па 1968 – у Бэрліне, а таксама ў розныя годы ладзіць фэстывалі нэгрыцянскай культуры і фестываль “Усход сустракаецца з Захадам” у Японі, заты такі ж фэстываль – у Індыі, а ў Мадрасе — Фестываль музыкі Барока. На працягу дзесяці год Набокаў быў генеральным сакратаром музычнай сэкцыі ЮНЭСКА ў Парыжы і адной з самых уплывовых асобаў у культуры сусветнага масштабу.