Вынікі сезона 2014 г.

10

  Дарагія сябры! Сканчаецца працоўны сезон 2014 г. на Любчанскім замку, а значыць, самы час падсумаваць яго вынікі і падзякаваць усім тым, хто дапамагаў нам.

  Ужо з сакавіка 2014 г. па выходных і святочных днях вяліся падрыхтоўчыя працы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін і традыцыйных валанцёрскіх летнікаў. Таксама ў гэты час мы прыклалі істотныя намаганні на дэмантаж драўляных рыштаванняў з перыметра Брамнай вежы і ўстаноўку замест іх металічных хамутовага тыпу. Толькі такімі рыштаваннямі мы змаглі зрабіць надзейны і бяспечны доступ для даследаванняў васьмерыка вежы і наступных рэстаўрацыйных работ. Вядомы мастак-рэстаўратар Ракицкі В.У., які праводзіў дадатковыя даследаванні першапачатковых малюнкаў зграфіто і іншых элементаў вежы, даў высокую ацэнку якасці новых рыштаванняў.

  Па старой добрай традыцыі, Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў Любчанскі замак сустрэў суботнікам, у якім прынялі ўдзел больш за сто чалавек. Сярод тых, хто працаваў на замку, можна адзначыць старшыню Наваградскага райвыканкама Маркевіча А. В. і яго намесніка па адукацыі і культуры Карольку С.Н. разам з іншымі супрацоўнікамі райвыканкама і навучэнцамі Навагрудскага каледжа. Любчан узначальваў старшыня мясцовага Савету дэпутатаў Ярмац І.Н. Пад яго кіраўніцтвам шчыравалі настаўнікі і вучні Любчанскай школы, супрацоўнікі мясцовага лясніцтва і ЖКГ, а таксама аграрыі з СВК “Прынёманскі”. Фонд арганізаваў прыезд 32 чалавек з Мінска, уключаючы спецыялістаў, якія працавалі ў трох секцыях (архітэктараў, археолагаў-гісторыкаў і праекціроўшчыкаў).

  Валанцёры займаліся ўборкай памяшканняў Кутняй і Брамнай вежаў, тэрыторыі замка, складавалі будматэрыялы і даглядалі за паркам (перасаджвалі маладыя дрэвы, пераносілі плот з паркавай алеі, прыбіралі тэрыторыю).

  Пасля завяршэння навучальнага года першы летнік з 29.06 па 14.07 адкрылі 23 валанцёры БДТУ. Другі летнік з 16 па 25.07 праводзіўся сумесна студэнтамі БНТУ (24 чал.) і 7-ю валанцёрамі БДТУ. Адначасова студэнты-архітэктары БНТУ праходзілі планавую практыку. З 26.07 па 29.08. у тры змены (да 15 валанцёраў у кожнай) праходзілі трэці, чацвёрты і пяты летнікі БДТУ. Усяго ў летніках прынялі ўдзел 93 валанцёры. Таксама ў гэты ж час па выходных днях працавалі валанцёры, якія ў розныя гады ўдзельнічалі ў рэстаўрацыйных работах з 2003 года, яны ганарыліся сваім удзелам, дзяліліся ўспамінамі. Шмат дапамагалі нам мясцовыя жыхары, настаўнікі і школьнікі Любчанскай школы, працаўнікі СВК «Прынёманскі».

  Валанцёры праявілі незвычайную стараннасць пры навучанні і выкананні працаў, якія яны рабілі ўпершыню. Гэта аздабленчыя працы ўнутры Кутняй вежы па вырабе элементаў лесвічных маршаў, шліфоўцы, афарбоўцы іх дэталяў, падлогаў трэцяга і другога ўзроўняў вежы, цаглянага мура галерэі паўднёва-заходняй абарончай сцяны, мантаж драўляных рыштаванняў уздоўж гэтай сцяны і яе атынкоўцы, грунтоўцы і афарбоўцы. Асабліва трэба адзначыць, што валанцёрамі было засвоена і выканана з добрай якасцю атынкоўка арак сцяны ўнутры дваровай тэрыторыі. Шмат высілкаў было выдаткавана на падвоз пяску, яго прасейку, выраб кладачнай і тынковачнай рошчыны.

  Фонд выказвае ўдзячнасць кіраўнікам і спецыялістам:

— Інстытута гісторыі (2010-2012 г.г.) і Беларускага Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь (2014) за аказанне дапамогі ў правядзенні раскопак, падчас якіх ў 2012 г. выяўлены падмуркі паўночна-заходняй абарончай сцяны, а ў 2014 г. падмуркі трэцяй вежы. Аб’ём раскопак ў 2014 г. склаў больш 510 куб. метраў, чвэрць якіх ажыццёўлена ручным спосабам;
— Універсітэтаў БДТУ (рэктар Жарскі І.М.) і БНТУ (рэктар Хрусталёў Б.М.) за арганізацыю ўдзелу  студэнтаў у валанцёрскіх летніках;

— Доктару архітэктуры, прафесару Трацэўскаму В.У., доктару архітэктуры, прафесару Аладаву В.М., доктару тэхнічных навук, прафесару Пецольду Т.М., кандыдату архітэктуры Аладавай Н.І., кандыдату тэхнічных навук Згіроўскаму А.І, кандыдатам гістарычных навук Мяцельскаму А.А, Ганецкай І.В., Калядзінскаму Л.В., спецыялістам Родзікаву Р.А., Усоскай Л.І., Хартановічу В.У., мастаку-рэстаўратару Ракіцкаму В.У., архітэктару Маліноўскаму Г.Н., за кансультатыўную дапамогу па навуковым суправаджэнні працаў;

-Раману Забела, кіраўніку дзейнічаючай пры фондзе  группы маладых архітэктараў, а так сама яе чальцам Кацярыне Лапацінай, Андрэю Грамыка, Андрэю Вярыга, Яне Марчук і іншым за ўдзел у распрацоўцы праектнай дакументацыы і выкананню прац па іх рэалізацыі;

-студэнтам факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту г. Гомель;

-удзельнікам студэнцкага навуковага таварыства імя С.Д. Шабунеўскага і іх  кіраўніку Малікаву Яўгену Раманавічу, якія ў ходзе экскурсіі на Любчанскім замку 2014/10/05 адгукнуліся на просьбу і на працягу двух гадзін пазменна (48 чалавек) пафарбавалі ў два пласты 200 кв. метраў ніжняй часткі паўднёва-заходняй абарончай сцяны;

-кіраўнікам і работнікам прадпрыемства IHS  г. Мінск, за праведзены імі ўжо другі (першы ў 2013г.) валанцёрскі дзень на Любчанскім замку. 2014/11/06 валанцёры прадпрыемства выкапалі з ўладкаванага фондам гадавальніка і высадзілі на паркавай алеі 56 дзесяцігадовых ліпаў на месцах загінулых дрэў.

-шматлікім турыстам за грунтоўку, афарбоўку, паднос цэглы, будматэрыялаў, прасейванне пяску і іншыя работы;

-супрацоўнікам “Прыорбанк” ААТ Сушкевіч С.Л. і іншым за ўдзел у працах 2014/10/10 па афарбоўцы паўднёва-заходняй абарончай сцяны;

Асаблівую падзяку выказваем нашаму спонсару Касцючэнку С.А., кіраўніку “Прыорбанк” ААТ, за фінансавую падтрымку нашай дзейнасці на працягу ўжо чатырох гадоў.

Вынікі працаў ў 2013 годзе

Завяршэнне працаў, 2012

Агульны выгляд Брамнай вежы і абарончай сцяны пасля завяршэння працаў у 2012 годзе

Новы, гістарычны купал Брамнай вежы чакае свайго мантажу, снежань 2013 год

Новы, гістарычны купал Брамнай вежы чакае свайго мантажу, снежань 2013 год

Агульны выгляд Брамнай вежы і абарончай сцяны пасля завяршэння працаў у 2013 годзе

Агульны выгляд Брамнай вежы і абарончай сцяны пасля завяршэння працаў у 2013 годзе

   Пасля валанцёрскіх летнікаў працы на Замку, як звычайна, працягваліся па выходных днях. Восенню шанцавала з надвор’ем, таму нам удалося закласці цэглай фахверкавую частку абарончай сцяны, зрабіць алюмініевую абліцоўку адноўленнага гістарычнага купала Брамнай вежы, выканаць дэмантаж былога не гістарычнага шатровага навершша. Трэба адзначыць, што стары шацёр ужо некалькі гадоў быў небяспечны нават для кропкавага рамонту, з-за чаго Брамная вежа зацякала.

  Нарэшце, нашы намаганні завяршыліся поспехам 12.12.2013 г., калі ўсталявалася добрае надвор’е, і мы за тры гадзіны выканалі важныя працы. Знялі стары шацёр, пагнілыя мурлатныя бэлькі (замест іх уставілі новыя) і ўсталявалі новае купальнае гістарычнае завяршэнне Брамнай вежы. Такім чынам, выратавана яшчэ адна вежа. Нам застаецца толькі пачакаць, можа, пару гадоў, калі сплаў алюмінія пацямнее і стане больш падобны на белую бляху, якая існавала ў канцы XVI стагоддзя. На фота добра відаць, які выгляд меў Замак перад пачаткам працаў і ў канцы 2013 года.

   Шчыра дзякуем усім, хто быў разам з намі, хто як мог дапамагаў нам.

Іван Пячынскі, дырэктар дабрачыннага фонду “Любчанскі замак”

Лета-2013: выніковы фотарэпартаж

Юбілейная 10-ая па ліку справаздача дзейнасці Дабрачыннага фонду «Любчанскі замак»

12 красавіка 2013 г. адбыўся юбілейны, 10-ы па ліку, справаздачны сход фонду «Любчанскі замак». Хочацца падзяліцца думкамі і хваляваннямі чалавека, які пагрузіўся ў яго атмасферу.

 Па-першае, уражвае аб’ём выкананай за 2012 г. працы. Гэта і археалагічныя раскопкі, і аднаўленне двух вежаў, і рэканструкцыя замкавай сцяны, і садова-паркавыя работы. Працэс адраджэння замка ўражвае любога яго наведвальніка. Шмат падарожнічаючы па роднай Беларусі, не магу назваць прыкладу больш плённай грамадскай дзейнасці.

 Другое ўражанне — гэта тая адухоўленая атмасфера, якая магчымая толькі ў коле людзей-аднадумцаў, неабыякавых, аб’яднаных вялікай і сур’ёзнай справай. Вядома, гаварыць аб добраахвотніках, якія падарылі Любчы значную частку сваёй душы, часу і сіл, можна бясконца доўга. Усе яны цікавыя па-свойму: ад захопленых прафесіяналаў, якія вырашаюць складаныя гістарычныя, архітэктурныя, праектныя праблемы да кожнага валанцёра, хто хоць ненадоўга дакрануўся да агульнай справы. І ўсё ж, калі б спатрэбілася намаляваць нейкі агульны партрэт «закаханага ў Любчу», то на палатне праявіўся б зусім малады твар, што ўсяляе аптымізм у кожнага чалавека, неабыякавага да айчыннай гісторыі і культуры.

 Па-трэцяе, узрушвае складанасць і маштабнасць задач, якія ўжо вырашаны вялікім калектывам пад кіраўніцтвам нязменнага кіраўніка фонду Івана Антонавіча Пячынскага, і якія яшчэ трэба будзе вырашыць. Вядома, на гэтым шляху любой грамадскай ініцыятыве неабходная дзяржаўная падтрымка. У сувязі з чым, важным стаў удзел у працы сходу нам. старшыні Навагрудскага райвыканкама Е.Е. Ермаковай і начальніка ўпраўлення па ахове помнікаў Міністэрства культуры  І.М. Чарняўскага. Алена Яўгенаўна не хавала, што магчымасці (у прыватнасці, фінансавыя) мясцовай улады вельмі абмежаваныя, аднак, яе выступ парадаваў выразнасцю думкі і імкненнем максімальна дапамагаць фонду. У прыватнасці, яна расказала, што ў замка, нарэшце, з’явіўся гаспадар — Любчанскі сельсавет. Алена Яўгенаўна паабяцала асабіста кантраляваць застарэлае пытанне аб зносе несанкцыянаваных будынкаў прыватных асоб, якія літаральна “не даюць дыхаць” замку, перашкаджаюць працягваць археалагічныя раскопкі.

 Складаней было асэнсаваць выступ Ігара Мяфодзьевіча Чарняўскага. З аднаго боку, ён выступіў з яркай прамовай аб неабходнасці весці ўсе працы па аднаўленні замка ў адпаведнасці з усталяванымі ў краіне патрабаваннямі, каб зняць усе пытанні пра «карэктнасць» рэстаўрацыі не толькі перад сучаснікамі, але і перад нашчадкамі. Прыемна, што прафесіянал так шырока і адказна ставіць задачу. Неабходнасць падрыхтоўкі агульнай канцэпцыі і праектна-каштарыснай дакументацыі, на мой погляд, усведамлялася усімі ўдзельнікамі сустрэчы. Аднак распрацоўка названых дакументаў — задача “архіцяжкая”. Яе рашэнне пад сілу толькі калектыву прафесіяналаў і, у любым выпадку, патрабуе значнага часу і сур’ёзных матэрыяльных укладанняў. Азнаёміўшыся ў рэспубліканскай прэсе з інфармацыяй аб уключэнні Любчы ў праграму «Замкі Беларусі», я была ўпэўненая, што Міністэрства культуры будзе фінансаваць работы па аднаўленні Любчанскага замка. Якое ж вялікае было расчараванне, калі высветлілася, што міністэрства толькі рэкамендуе фонду, што неабходна рабіць, а шукаць грашовыя сродкі на выкананне пастаўленых задач і вырашаць іх Праўленне фонду павінна самастойна.

 Далей  І.М. Чарняўскі падняў пытанне аб усталяванні купала на Брамную вежу. Не першы год вежа мае толькі часовы дах, што вядзе да яе разбурэння, і адпаведна, рэзкага ўскладнення рэканструкцыі і марнавання працы валанцёраў. Ігар Мяфодзьевіч адзначыў, што Міністэрства культуры задаволена прадстаўленымі прапорцыямі купала і паказаў ліст фармату А4 ўзгаднення гэтых прапорцый з НАН РБ. Аднак, ён падкрэсліў, што гэтага відавочна недастаткова для пачатку работ і Праўленне фонду павінна таксама прадставіць адпаведнае абгрунтаванне і праектную дакументацыю па купалу для яе зацвярджэння.

І.А. Пячынскі з абурэннем адрэагаваў на гэта патрабаванне. Трэба сказаць, што спачатку яго рэакцыя падалася залішне эмацыйнай. Аднак высветлілася, што адпаведны камплект дакументацыі на 40 лістах быў накіраваны ў Міністэрства яшчэ 13 месяцаў таму! У кастрычніку 2012 ён быў разгледжаны і ўхвалены радай Мінкультуры. А прадэманстраваны ліст ўзгаднення з’яўляецца толькі дадаткам да разгледжанай радай дакументацыі і быў падрыхтаваны па патрабаванні Мінкультуры. Больш за тое, аказваецца, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, ўзгадненне праектнай дакументацыі з Нацыянальнай акадэміяй навук ажыццяўляецца толькі для помнікаў, якія адносяцца да «0» і «1» катэгорый, а Любчанскі замак адносіцца да «2» катэгорыі. Тым не менш, ўзгадненне было зроблена. Далей І.А. Пячынскі інфармаваў, што дакументацыя па паркаваму комплексу “пакутуе” ў нетрах Міністэрства больш за два гады, што чыноўнік, які прысутнічаў на леташняй справаздачы Мінкультуры, абяцаў вырашыць гэтае пытанне. У такіх выпадках аўтары п’ес ўжываюць выраз “нямая сцэна». Ўзрушэнне, сапраўды, такое, што цяжка скласці словы ў сказ. Атрымліваецца, не выдзяляючы на работы па Любчанскаму замку сродкаў і не аказваючы прафесійнай дапамогі, Міністэрства культуры на працягу двух гадоў не можа знайсці час для разгляду прадстаўленай дакументацыі, чым тармозіць дзейнасць фонду і ставіць пад пагрозу выкананне работ на Брамнай вежы. У чым прычына таго, што адбываецца? Хто канкрэтна ў міністэрстве «заваліў» працу па Любчы? Адказаў на гэтыя пытанні, на жаль, не прагучала. Усе гузы ўпалі, вядома, на галаву Ігара Мяфодзьевіча. Ён абяцаў разабрацца, і калі дакументацыя ў міністэрстве ёсць, то прынесці свае прабачэнні. Вельмі хочацца верыць, што І.М. Чарняўскі рассячэ гордзіеў вузел застарэлых праблем і апынецца тым чараўніком, які дазволіць не збаўляць набраныя абароты ў працы па рэканструкцыі замка. У любым выпадку, добраахвотнікі, неабыякавыя да лёсу Любчы, вераць у такую магчымасць. Бо вера ў цуды так натуральная для людзей, якія не раз іх стваралі сваімі рукамі.

 Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ, валанцёр Любчанскага замка Святлана Лугаўцова.