Другі, жнівеньскі летнік у Любчы 2012г.

Што ж гэта такое летнік у Любчы?— думала я па дарозе, калі ехала туды ўпершыню. Зараз у мяне ёсць адказ на гэта пытанне. Летнік у Любчы — гэта цуд! Тлумачу:

  • Па-першае, летнік — гэта цудоўныя людзі, з якімі прыемна жыць і працаваць побач. Сэрца і душа праекта па аднаўленню Любчы — Іван Антонавіч Пячынскі. Мне так здаецца, менавіта пра яго спявае С. Вакарчук:

“ Сьоме небо, мабуть, занизько для тебе,
   Вітер долі не зупиняє тебе”.

Іван Антонавіч ставіць перад сабой і валанцерамі такія задачы, ад якіх галава ідзе кругам. Але ж вырашае іх! Побач з ім на замку заўсёды яго старажыл і “вартаўнік” Мікола. Мікола знаўца і захавальнік старажытных паданняў, традыцый, страў і напояў. Калі вы пажадаеце дазнацца пра шэрую панду (так-так, я не памылілася, менавіта пра любчанскую панду), то спытайце аб гэтым у Міколы, якога вы заўседы знойдзецце на Брамнай вежы. У вас будзе толькі адна праблема: запытацца ў Міколы, калі ён не працуе (ён жа заўсёды працуе!). Падчас майго знаходжання на летніку там былі турысты з Мазыра Аляксеева Наталля і Гадзюка Юрась, якія дабраліся да Любчы па вадзе і засталіся папрацаваць; выпускнікі архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Яўген Прыйма, Дзмітрый  Уласенкаў і Павел (прабач, Паша, не ведаю твайго прозвішча), а таксама студэнты II і III курсаў лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта якія прыехалі на змену тых хто працаваў ў першым, ліпенскім летніку. Такім чынам валанцеры ужо з трох універсітэтаў беларусі далучыліся да працаў на Любчанскім замку , чытай пра першы, ліпенскі летнік 2012г.

  • Па-другое, летнік — гэта праца, праца і яшчэ раз … праца. Што б вы жадалі рабіць на выходныя? Паляжаць ля ракі? Завітаць у кавярню? А вось хлопцы Яўген, Дзіма і Паша (пра якіх гаворка ішла вышэй) выязджаюць кожную суботу з Мінска, кладуць аркі на замкавай сцяне і толькі ноччу ў нядзелю вяртаюцца ў горад. Праца ў Любчы таксама ўяўляе сабой цуд. Дзе яшчэ ўбачыш, як замак уздымаецца з руін на тваіх вачах?  Што прыцягвае валанцераў у Любчу зноў і зноў.
  • Па-трэцяе, Любча — цудоўнае, надзвычай прыгожае месца. Перад вачамі цячэ такі зменлівы, такі розны, але заўседы чароўны Неман. На мой погляд, Любча – таксама сталіца буслоў. Яны сапраўдныя гаспадары на гэтай зямлі, і толькі дазваляюць нам, людзям, трошачкі пабыць у іх уладаннях.
  • Нарэшце, летнік у Любчы — гэта і вогнішча, і спевы, і… Але што ж я буду адкрываць ўсе таямніцы адразу. Лепш прыязджайце да нас і даведайцеся самі.
    • Кандыдат гістарычных навук, 

дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Святлана Лугаўцова.