Легенды пра Любчу

Назва “Любча” цешыць сваёй прыгажосцю ды ласкавасцю. У ёй несумненна хаваецца той жа корань, што і ў слове “любіць”. Таму і легенды, якія ўзнікалі вакол Любчы, так ці інакш звязаныя з гэтым пачуццем.

Паводле адной з такіх легенд, менавіта тут, у Лючбы, аднойчы перапраўляўся праз Нёман Міндоўг. На беразе ён пабачыў прыгожую дзяўчыну, якую палка пакахаў з першага ж позірку і забраў з сабой, каб пазней зрабіць каралеўнай. А безыменнае да таго часу паселішча на Нёмне, Міндоўг назваў Любеч, каб увекавечыць месца, дзе нарадзілася іх з Мартай каханне.

Ёсць і другая легенда. Апавядаюць, што шмат гадоў таму на беразе Нёмна стаяла царква. Маладыя, што зьбіраліся пабрацца шлюбам, прыходзілі да яе алтара прасіць добраславеньня. І жыла ў тае вёсцы адна дзяўчына — такая ганарлівая і пераборлівая, што ніхто яе не любіў. І вось прыйшла яна аднаго разу ў царкв, укленчыла і пачала скардзіцца Богу: “Чаму я не такая, як усе. Чаму мяне ніхто не любіць”. І нібыта моліцца, а сама вачыма па бакох шнаруе, цікуе, ці не паглядаюць на яе хлопцы.

Раззлаваўся Бог і адказвае ёй: “І напраўду, чаму ты не такая, як усе! Чаму нават маліцца ня можаш, як усе! Як жа цябе такую можна любіць!” Раз’юшаная дзяўчына ўсхапілася з кален і закрычала: “Калі мяне ня любяць, дык і цябе болей ніхто любіць ня будзе!”. І яна ўзяла ды й спаліла царкву.

Але людзі не забыліся на святое месца. І закаханыя па-ранейшаму прыходзілі на тое месца, дзе стаяў алтар. І празвалі яго, а з ім і ўсю вёску — Любеч — на знак вечнай любові.