На Любчанскім замку знойдзена мураваная сцяна

Гэтая знаходка была зроблена падчас археалагічных раскопак, на якіх працавалі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 40 першакурснікаў факультэта гісторыі і сацыялогіі прыехалі сюды на практыку пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў Генадзя Семенчука, Аляксандра Дабрыяна і Ігара Фёдарава.

Ішла сцяна ад брамнай да ўсходняй вежаў, у бок мястэчка (апошняй вежы сёння не існуе). Засталіся ад яе толькі падмуркі. Таксама адшукаліся рэшткі старога ганка, які знаходзіўся паміж замкавым флігелем і брамнай вежай.

Узначальваў раскопкі старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыіі НАН Беларусі Андрэй Мяцельскі. Ён распавёў пра ход і вынікі даследаванняў:

— Мы працавалі канкрэтна па замове навуковага кіраўніка архітэктараў, што займаецца аднаўленнем Любчанскага замка, каб вырашыць тыя праблемы, якія ўзніклі на чарговым этапе распрацоўкі праектнай дакументацыі. Раней археолаг Ірына Ганецкая даследавала адзін бок замкавага схілу. Мы ж рабілі раскопкі на іншым баку схілу замкавага рова, каб паглядзець, ці захаваліся там рэшткі мураванай сцяны. Таксама ў інвентарах узгадваецца ганак, які быў паміж флігелем і ўязной брамай — тое месца мы вывучалі на працягу двух тыдняў.

У выніку даследаванняў аказалася, што ад ганка, які быў справа ад брамнай вежы, захаваліся падмуркі, праўда, яны сыходзяць пад флігель, таму мы не можам далей капаць. Цікава, што сцяна з боку мястэчка была. Яна захавалася на вышыні каля 90 см, шырынёй амаль 2 м. Цяпер архітэктары будуць вырашаць, што з ёй рабіць, — ці прыўзняць, ці нешта іншае. Сцяна якраз ідзе на тую вежу, што была на рагу паміж мястэчкам і Нёманам.

Цікавыя і яшчэ адны раскопкі, якія Мяцельскі плануе тут праводзіць:

— Ёсць загадка: калі ўзнікла Любча? Існуюць здагадкі, што ў ХІІІ яна ўжо існавала — аднак гэта толькі ўскосныя звесткі, што змяшчаюцца ў пэўных дакументах, паданнях. Пакуль даследаванні, якія праводзіліся ў мястэчку, на тэрыторыі замка, звестак, ранейшых за ХV ст., не даюць. Ці была Любча ў ХІІ-ХІІІ стст.? Пытанне стаіць — неабходна знайсці адказ.

Сёння мы бачым, што Любча знаходзіцца паміж рачулкамі, якія ўпадаюць у Нёман. Адна з іх называецца Шляхцянка, а другая — Варута (яе рэчышча пасля меліярацыі знікла і зараз называецца Варкамі).

“Таму Любча знаходзіцца, так бы мовіць, у прыдатным месцы для ўзнікнення паселішчаў, якія з’яўляліся ў Х, ХІІ, ХІІІ стагоддзях, — распавядае Андрэй Мяцельскі. — Напэўна, дзесьці падчас раскопак мы зачэпім слаі гэтага часу. Тым больш што недалёка адсюль (напрасткі 9 км) знаходзіцца Лаўрышаўскі манастыр, які вядомы з 1261 г. — гэта значыць, мясціны былі больш-менш заселеныя. Таму можна шукаць: магчыма, нешта ранейшае за ХV ст. і знойдзецца”.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара.