Прычына поспеху рэстаўрацыі Любчанскага замку

 

zamakПрычына поспеху рэстаўрацыі Любчанскага замка — удзел у ёй неабыякавых да гістарычных каштоўнасцяў людзей і праца з валанцёрамі.

У ліпені — жніўні 2013 г.  Дабрачынны фонд “Любчанскі замак”, апроч прац па выхадных днях, арганізаваў пяць валанцёрскіх летнікаў з удзелам студэнтаў ВНУ. Студэнцкія летнікі на Любчанскім замку сталі традыцыяй і праводзяцца ўжо адзінаццаты год.  Гэтым летам  асноўную дапамогу па ўстаноўцы фахверкавай галерэі  абарончай сцяны і  па зборцы купала Брамнай вежы аказалі студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ). Характэрна, што ўдзельнікамі першага летніку сталі студэнты факультэта ТАВ БДТУ, якія гэтым жа складам адкрывалі летні сезон прац на Любчанскім замку і ў 2012 годзе, старэйшы групы —  Дзмітрый Літвінаў.

Другі лагер быў арганізаваны Беларускай асацыяцыяй маладых архітэктараў (БАСА) Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ), старэйшы групы —  Улад Мамуль. Усяго за адзінаццаць гадоў асацыяцыя сумесна з фондам правяла 14 летнікаў.

Трэці, чацвёрты і пяты летнікі былі арганізаваны БДТУ пры непасрэдным удзеле рэктара Жарскага І.М. і прарэктара па выхаваўчай працы Гараноўскага А.Р. Можна сказаць, што кіраўніцтва і студэнты шасці факультэтаў БДТУ з 2012 г. узялі шэфства над Любчанскім замкам. Усяго на працягу пяці летнікаў 2013 г. студэнты адпрацавалі больш за 770 чалавека-дзён.

Нягледзячы на тое, што студэнты не мелі вопыту і спецыяльнай падрыхтоўкі, яны выконвалі складаныя сталярныя і цяслярныя працы. Навучанне ішло ў ходзе работ — ужо спрактыкаваная група дзялілася на дзве, потым у кожную з іх ўключаліся пачаткоўцы. Гэта дазволіла стварыць каманды, якія выраблялі фахверкавую канструкцыю абарончай сцяны адначасова, з яе абодвух канцоў. Напрыклад, для мантажу аднаго пагоннага метра фахверку паўднёва-заходняй абарончай сцяны трэба было зрабіць 20 розных па складанасці дэталяў з драўляных брусоў. На гэтых дэталях трэба было выканаць, а потым падагнаць падчас зборкі 35 профіляў, ўсечак. Пры даўжыні фахверкавай галерэі 68 метраў было выраблена больш за 1200 дэталяў, з колькасцю ўсечак больш за 2500 штук….

zamak2

Для мантажу купала на зямлі мы зрабілі з драўлянага бруса дакладную копію ўнутранага і вонкавага перыметра верха васьмікутніка Брамнай вежы, на якой у наступным ажыццяўлялася зборка купала. Зборка на зямлі мае шэраг пераваг і істотна спрашчае ход працаў, а па гатоўнасці купал будзе усталяваны  на Брамную вежу з дапамогай аўтакрана. Пры такім варыянце ў першую чаргу, павышаецца ўзровень тэхнікі бяспекі правядзення работ, па-другое, на час мантажу купала вежа абаронена ад умоў надвор’я старым дахам. Работы па зборцы купала ускладняліся тым, што выкананыя ў XVI  стагоддзі сцены  васьмігранніка вежы маюць не аднолькавыя памеры перыметра і таўшчыню. З асаблівай адказнасцю выконваліся дэталі фермаў купальнага завяршэння Брамнай вежы, напрыклад,  для атрымання ідэальных плоскасцяў купала нават нязначныя хібы (ў межах да 1-2 сантыметраў) мы выдалялі. Складанай задачай быў выраб васьмі дыяганальных рэбраў купала. Яны вырабляліся з суцэльнага бруса даўжынёй 7 м., сячэннем 0.1 х 0.15 м. ў аснове, потым плаўна  сыходзіліся гранямі да сячэння 0.05 х 0.09 м. уверсе. Гэтыя брусы згіналіся і мацаваліся на лачанне па перыметры дыяганальных граняў купала. Пасля ўстаноўкі рэбраў мы былі ўзнагароджаныя тым, што купал набыў закончаны выгляд і гатовы для правядзення дахавых прац. Пакрыццё купала будзе ажыццяўляцца сплавам алюмінія, найбольш падобным да таго матэрыялу, якім купал быў пакрыты першапачаткова. У адпаведнасці з вывучанымі намі інвентарамі, пачынаючы з 1601 г., купал быў « … абабіты белай бляхай … »

Паралельна вяліся працы па вырабу светлавога (вентыляцыйнага) ліхтарыка купала. Варта адзначыць, што гэтую працу мы не адужалі б без асабістага ўдзелу прафесара, доктара гісторыі архітэктуры Трацэўскага В.В., які спраектаваў купал і ліхтарык купала Брамнай вежы.

Таксама ў ходзе гэтага сезона выканана шмат іншых работ, накіраваных на завяршэнне першага і другога этапаў рэстаўрацыйных прац на Любчанскім замку. Хочацца падзякаваць усім нашым, ужо пастаянным валанцёрам, якія ўдзельнічаюць у працах шмат гадоў.

Гэта студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ДНУ Інстытута гісторыі і Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Гродзенскага Дзяржаўнага універсітэта ім. Я.Купалы, Беларускага Дзяржаўнага універсітэта і шэраг грамадскіх арганізацый.

Асаблівую падзяку выказваем Старшыні праўлення “Прыорбанк” ААТ Сяргею Аляксандравічу Касцючэнку, за ацэнку нашых намаганняў і фінансавую дабрачынную дапамогу, якую ён аказвае ўжо на працягу чатырох гадоў. Мы спадзяемся на далейшую дапамогу банка, бо на нашу думку, толькі ў гэтым выпадку магчыма выкананне дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі”, якой на наш фонд ўскладзена аднаўленне Любчанскага замка, аднак гэтай жа праграмай дзяржаўнае фінансаванне не прадугледжана.

Дырэктар Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” Іван Пячынскі.

 Паводле www.sb.by