Спонсарам

Зварот дырэктара фонду “Любчанскі замак” з просьбай аб дапамозе ў зборы сродкаў для правядзення рэстаўрацыйных работ.

З 2003 года Дабрачынны фонд “Любчанскі замак” намаганнямі энтузіястаў г.п. Любча, прафесарска-выкладчыцкага калектыву і студэнтаў БНТУ, ажыццявіў распрацоўку праектнай дакументацыі правядзення рэстаўрацыйных працаў на Любчанскім замку – старажытнабеларускага помніка абарончага дойлідства, які, як вядома з летапісаў, узнік нашмат раней, чым знакаміты Мірскі замак.

Мы змаглі здзейсніць агульную кансервацыю замка і накрыць дахоўкай Кутнюю вежу, якая знаходзілася ў крытычным стане. У 2005 г. былі адрамантаваны згніўшая сістэма крокваў і дах другой, Брамнай вежы, якая зацякала і разбуралася. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі выратаваць замак ад канчатковага разбурэння і зрабіць яго рэстаўрацыю незваротнай (палац і флігель зараз знаходзяцца ў здавальняючым стане).

На 2011 год больш за 1 052 чалавекі добраахвотна і задарма адпрацавалі на замку больш за 8 452 працадні. З пачатку дзейнасці ў 2003 г. фонд “Любчанскі замак” атрымаў дабрачынную фінансавую дапамогу на суму 201 431 000 руб., дапамогу будаўнічымі матэрыяламі  на суму 305 612 000 руб. Разам з гэтым, выкананыя працы былі ацэненыя на суму, што ў некалькі разоў перавышае ўсе грашовыя паступленні – 1 259 762 000 руб. Усе навуковыя, даследчыя, праектныя, мантажныя і іншыя работы і іх экспертызы праводзіліся выключна на бескарыслівай аснове, уключна з працамі навуковага кіраўніка, кіраўніцтва і валанцёраў фонду.

Мы займаемся Любчанскім замкам таму, што акрамя Мірскага, Нясвіжскага, Лідскага замкаў з іх праблемамі, астатнія помнікі абарончай архітэктуры нашай Беларусі знаходзяцца ў вельмі бядотным стане. Любчанскі замак выратаваць рэальна. Менавіта такім чынам – усім светам, талакою, літоўцы аднавілі Тракайскі, а палякі Вавельскі замак у Кракаве. Мы верым – у нас таксама будзе замак, адноўлены энтузіястамі. Магчыма, нашым досведам скарыстаюцца іншыя неабыякавыя людзі і зоймуцца аднаўленнем яшчэ канчаткова не страчаных Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

Любчанскі замак аднаўляецца пераважна рукамі моладзі. Яны прыязджаюць у Любчу аўтобусамі, аўтаспынам, дабраахвотна дапамагаюць нам і просяць не спыняцца на дасягнутым.

Наш разліковы рахунак у аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” г. Навагрудак

3015205550012, код банка 449, УНН 590257564.

Мы верым, што Вы падтрымаеце нашу грамадзянскую ініцыятыву!

Дырэктар Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” І. А. Пячынскі