Юбілейная 10-ая па ліку справаздача дзейнасці Дабрачыннага фонду «Любчанскі замак»

12 красавіка 2013 г. адбыўся юбілейны, 10-ы па ліку, справаздачны сход фонду «Любчанскі замак». Хочацца падзяліцца думкамі і хваляваннямі чалавека, які пагрузіўся ў яго атмасферу.

 Па-першае, уражвае аб’ём выкананай за 2012 г. працы. Гэта і археалагічныя раскопкі, і аднаўленне двух вежаў, і рэканструкцыя замкавай сцяны, і садова-паркавыя работы. Працэс адраджэння замка ўражвае любога яго наведвальніка. Шмат падарожнічаючы па роднай Беларусі, не магу назваць прыкладу больш плённай грамадскай дзейнасці.

 Другое ўражанне — гэта тая адухоўленая атмасфера, якая магчымая толькі ў коле людзей-аднадумцаў, неабыякавых, аб’яднаных вялікай і сур’ёзнай справай. Вядома, гаварыць аб добраахвотніках, якія падарылі Любчы значную частку сваёй душы, часу і сіл, можна бясконца доўга. Усе яны цікавыя па-свойму: ад захопленых прафесіяналаў, якія вырашаюць складаныя гістарычныя, архітэктурныя, праектныя праблемы да кожнага валанцёра, хто хоць ненадоўга дакрануўся да агульнай справы. І ўсё ж, калі б спатрэбілася намаляваць нейкі агульны партрэт «закаханага ў Любчу», то на палатне праявіўся б зусім малады твар, што ўсяляе аптымізм у кожнага чалавека, неабыякавага да айчыннай гісторыі і культуры.

 Па-трэцяе, узрушвае складанасць і маштабнасць задач, якія ўжо вырашаны вялікім калектывам пад кіраўніцтвам нязменнага кіраўніка фонду Івана Антонавіча Пячынскага, і якія яшчэ трэба будзе вырашыць. Вядома, на гэтым шляху любой грамадскай ініцыятыве неабходная дзяржаўная падтрымка. У сувязі з чым, важным стаў удзел у працы сходу нам. старшыні Навагрудскага райвыканкама Е.Е. Ермаковай і начальніка ўпраўлення па ахове помнікаў Міністэрства культуры  І.М. Чарняўскага. Алена Яўгенаўна не хавала, што магчымасці (у прыватнасці, фінансавыя) мясцовай улады вельмі абмежаваныя, аднак, яе выступ парадаваў выразнасцю думкі і імкненнем максімальна дапамагаць фонду. У прыватнасці, яна расказала, што ў замка, нарэшце, з’явіўся гаспадар — Любчанскі сельсавет. Алена Яўгенаўна паабяцала асабіста кантраляваць застарэлае пытанне аб зносе несанкцыянаваных будынкаў прыватных асоб, якія літаральна “не даюць дыхаць” замку, перашкаджаюць працягваць археалагічныя раскопкі.

 Складаней было асэнсаваць выступ Ігара Мяфодзьевіча Чарняўскага. З аднаго боку, ён выступіў з яркай прамовай аб неабходнасці весці ўсе працы па аднаўленні замка ў адпаведнасці з усталяванымі ў краіне патрабаваннямі, каб зняць усе пытанні пра «карэктнасць» рэстаўрацыі не толькі перад сучаснікамі, але і перад нашчадкамі. Прыемна, што прафесіянал так шырока і адказна ставіць задачу. Неабходнасць падрыхтоўкі агульнай канцэпцыі і праектна-каштарыснай дакументацыі, на мой погляд, усведамлялася усімі ўдзельнікамі сустрэчы. Аднак распрацоўка названых дакументаў — задача “архіцяжкая”. Яе рашэнне пад сілу толькі калектыву прафесіяналаў і, у любым выпадку, патрабуе значнага часу і сур’ёзных матэрыяльных укладанняў. Азнаёміўшыся ў рэспубліканскай прэсе з інфармацыяй аб уключэнні Любчы ў праграму «Замкі Беларусі», я была ўпэўненая, што Міністэрства культуры будзе фінансаваць работы па аднаўленні Любчанскага замка. Якое ж вялікае было расчараванне, калі высветлілася, што міністэрства толькі рэкамендуе фонду, што неабходна рабіць, а шукаць грашовыя сродкі на выкананне пастаўленых задач і вырашаць іх Праўленне фонду павінна самастойна.

 Далей  І.М. Чарняўскі падняў пытанне аб усталяванні купала на Брамную вежу. Не першы год вежа мае толькі часовы дах, што вядзе да яе разбурэння, і адпаведна, рэзкага ўскладнення рэканструкцыі і марнавання працы валанцёраў. Ігар Мяфодзьевіч адзначыў, што Міністэрства культуры задаволена прадстаўленымі прапорцыямі купала і паказаў ліст фармату А4 ўзгаднення гэтых прапорцый з НАН РБ. Аднак, ён падкрэсліў, што гэтага відавочна недастаткова для пачатку работ і Праўленне фонду павінна таксама прадставіць адпаведнае абгрунтаванне і праектную дакументацыю па купалу для яе зацвярджэння.

І.А. Пячынскі з абурэннем адрэагаваў на гэта патрабаванне. Трэба сказаць, што спачатку яго рэакцыя падалася залішне эмацыйнай. Аднак высветлілася, што адпаведны камплект дакументацыі на 40 лістах быў накіраваны ў Міністэрства яшчэ 13 месяцаў таму! У кастрычніку 2012 ён быў разгледжаны і ўхвалены радай Мінкультуры. А прадэманстраваны ліст ўзгаднення з’яўляецца толькі дадаткам да разгледжанай радай дакументацыі і быў падрыхтаваны па патрабаванні Мінкультуры. Больш за тое, аказваецца, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, ўзгадненне праектнай дакументацыі з Нацыянальнай акадэміяй навук ажыццяўляецца толькі для помнікаў, якія адносяцца да «0» і «1» катэгорый, а Любчанскі замак адносіцца да «2» катэгорыі. Тым не менш, ўзгадненне было зроблена. Далей І.А. Пячынскі інфармаваў, што дакументацыя па паркаваму комплексу “пакутуе” ў нетрах Міністэрства больш за два гады, што чыноўнік, які прысутнічаў на леташняй справаздачы Мінкультуры, абяцаў вырашыць гэтае пытанне. У такіх выпадках аўтары п’ес ўжываюць выраз “нямая сцэна». Ўзрушэнне, сапраўды, такое, што цяжка скласці словы ў сказ. Атрымліваецца, не выдзяляючы на работы па Любчанскаму замку сродкаў і не аказваючы прафесійнай дапамогі, Міністэрства культуры на працягу двух гадоў не можа знайсці час для разгляду прадстаўленай дакументацыі, чым тармозіць дзейнасць фонду і ставіць пад пагрозу выкананне работ на Брамнай вежы. У чым прычына таго, што адбываецца? Хто канкрэтна ў міністэрстве «заваліў» працу па Любчы? Адказаў на гэтыя пытанні, на жаль, не прагучала. Усе гузы ўпалі, вядома, на галаву Ігара Мяфодзьевіча. Ён абяцаў разабрацца, і калі дакументацыя ў міністэрстве ёсць, то прынесці свае прабачэнні. Вельмі хочацца верыць, што І.М. Чарняўскі рассячэ гордзіеў вузел застарэлых праблем і апынецца тым чараўніком, які дазволіць не збаўляць набраныя абароты ў працы па рэканструкцыі замка. У любым выпадку, добраахвотнікі, неабыякавыя да лёсу Любчы, вераць у такую магчымасць. Бо вера ў цуды так натуральная для людзей, якія не раз іх стваралі сваімі рукамі.

 Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ, валанцёр Любчанскага замка Святлана Лугаўцова.