Турыстам

Як будзеце наведваць Любчу, абавязкова завітайце ў Любчанскі народны музей, які месціцца ў мясцовай школе. Заснаваны музей быў яшчэ ў 1964 г. настаўнікам гісторыі Мікалаем Андрэевічам Вінарам. З цягам часу Любчанскі музей зрабіўся адным з найбуйнейшых школьных музеяў Гарадзеншчыны.

Музей налічвае некалькі залаў: аддзел прыроды, аддзел даўніны, аддзел феадалізму, аддзел Вялікай Айчыннай вайны, аддзел сацыялістычнага руху й адмысловы аддзел дасягненняў Любчанскіх выпускнікоў.

Толькі ў музеі можна пабачыць макет замка ў Любчы, распрацаваны рэстаўратарамі ў 80-я гг. Побач захоўваецца той самы ўнікальны флюгер Любчанскага замка – адзіны знойдзены на Беларусі з геральдычным узорам.

Не менш цікавыя і астатнія экспанаты: калекцыя зброі часоў ВКЛ, этнаграфічныя прадметы, старонкі кніг, выдадзеныя ў Любчанскай друкарні ў XVII ст, а таксама рэчы савецкай эпохі і сучасных народных майстроў, мастакоў і скульптараў.