Святочнае адкрыццё выставы “Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю”.

28 ліпеня ў мястэчку Любча адбылося святочнае адкрыццё выставы “Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю”,  арганізаванай Нацыянальным гістарычным музеем РБ, пры падтрымцы фонда “Любчанскі замак” і Навагрудскага аддзела культуры.  

Куратарка і ініцыятарка выставы — загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея, кіраўніца вялікай даследчай працы па пошуку аўтара калекцыі шкляных негатываў — Надзея Саўчанка. Два гады таму яна разам з паплечнікамі – фатографамі Альбертам Цехановічам і Андрэем Васкрэсенскім упершыню прыехалі ў Любчу, каб зараз прывезці плён сваёй працы на радзіму фатографа. Падчас эскпедыцый даследчыкі сустракаліся з мясцовамі жыхарамі, якія актыўна дапамагалі ў пошуках і сталі суаўтарамі выставы. Гэтым абумоўлена такая цікавасць да імпрэзы, што сабрала каля 150 чалавек. Прыйшлі жыхары з Любчы і навакольных вёсак: Купіска, Сенна, Дзялятыч, Нянькава, Загор’я Сенненскага. Таксама прыехалі людзі, якія маюць тутэйшыя карані і якія пазналі сваіх родных на фатаздымках падчас экспазіцыі выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі ўзімку 2019г. Уся вялізарная праца немагчымая была без падтрымцы і дапамогі гэтых людзей. Ім былі ўручаны падзякі ад гістарычнага музея, некаторыя ўзялі слова.

На адкрыцці выступіў кіраўнік фонда “Любчанскі замак” Іван Пячынскі. Ён зладзіў невялікую справаздачу перад любчанамі, распавёў, што зараз робіцца на замку і якія планы на будучыню. Акрамя валанцёраў цяперашняга летніка, у залі прысутнічалі і былыя любчанскія валанцёры.

Падзея сабрала таксама неабыякавых людзей Наваградчыны: Кастусь Качан – мастак, гаспадар карціннай галерэі ў Наваградку; Віктар Залацілін – мастак-самародак з Купіска; Ірына Ходар – галоўны рэдактар навін на Навагрудскім тэлебачанні.

На выставе прысутнічалі і выступалі пляменнік фатографа Павел Паўлавіч Сіўко, праўнучка Савы.

Напрыканцы выступіла капэла з Барысава “Zhydovachka”, якая зайграла музыку нашых мястэчак і запрасіла ўсіх прысутных на традыцыйныя танцы.

Выстава будзе працаваць у Любчанскім доме культуры (будынак былой сінагогі) да 13 кастрычніка. Уваход бесплатны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *